хаваць

тлумачэнне слова:

  хаваць1, -аю, -аеш, -ае; незакончанае трыванне, каго-што.
    1. Размяшчаць, класці дзе-н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе-н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.
    2. Даваць прытулак каму-н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.
    3. пераноснае значэнне Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.
    4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.
    5. пераноснае значэнне Мець дзе-н., змяшчаць, маскіраваць (што-н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.
    6. Трымаць што-н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. ▪ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар'іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.
    7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.
    •••
    Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму-н.
    Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.
  хаваць2, -аю, -аеш, -ае; незакончанае трыванне, каго-што.
    Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Украіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // пераноснае значэнне Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com