тлумачэнне слова:
так, прыслоўе, часціца злучнік 1. прыслоўе Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. ▪ [Юрка:] — Давай так дамовімся: гы [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. ▪ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка. 2. прыслоўе У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго-, чаго-н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. ▪ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. ▪ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны. 3. прыслоўе У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. ▪ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. 4. прыслоўе Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур'ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. — Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі. 5. прыслоўе Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. ▪ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч. 6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. ▪ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр. 7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. ▪ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі. 8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі. 9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан. 10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго-н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. ▪ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны. 11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяну даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда». 12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. ▪ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога-н. дзеяння, з'явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. ▪ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў. 13. злучнік У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак. ••• Вось так глядзі вось2. Даўно б так — адабрэнне чыйго-н. учынку, задавальненне чыімі-н. дзеяннямі. За так — бясплатна, дарма (рабіць што-н.). І так глядзі і3. І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана. І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна. (І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам. Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой-н. думкі ў значэнні: не вельмі. Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч. Проста так глядзі проста. Так званы глядзі званы. Так і быць глядзі быць. Так і ёсць — на самай справе, сапраўды. Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка. Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата. Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах. Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго-, што-н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур'ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі. Так сказаць глядзі сказаць. Так точна! — так, іменна так. Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч. Так трымаць! глядзі трымаць. Так ці інакш (іначай) (у значэнне пабочнае слова) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам. То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім. Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым-н. Ці так? — ці праўда? Як жа так глядзі як.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com