тлумачэнне слова:
скласці, складу, складзеш, складзе; складзём, складзяце; закончанае трыванне, каго-што. 1. Пакласці разам, у адно месца (многія прадметы); пакласці разам, у пэўным парадку, надаўшы якую-н. форму. Скласці дровы. Скласці сена ў копы. ▪ Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. Андрэй з Іванам склалі лён у гумне на таку. Чарнышэвіч. Склалі на лаўцы, што была ля частаколу, скрынкі і адпусцілі хлопчыка з падводай. Пташнікаў. // Злажыць, спакаваць (для ад'езду). Склаў [Мікола] чамаданчык — і ў дарогу. «Работніца і сялянка». 2. Прыбавіць адзін лік да другога, зрабіць складанне. Скласці два лікі. Скласці драбы. ▪ — Калі і маю, і тваю здачу скласці — усё роўна не хопіць, — усхліпнуў Міша. Пальчэўскі. 3. Сабраць, злажыць з якіх-н. частак. Скласці піраміду. ▪ Спі, дарагая мая надзея, Станеш вялікая скора: Домікі з кубікаў скласці ўмееш, Знаеш «Вавёрчына гора». Тарас. [Кузя:] — Харошы хлопец Барыс. Любую машыну разбярэ і складзе. Жычка. 4. Пабудаваць шляхам кладкі. — Каб былі камяні, дык можна было б сякую-такую печку скласці, — сказаў Мірон. Маўр. Галоўны бацькаў клопат у тым, каб скласці хату і хутчэй у яе перабрацца. Навуменка. 5. Стварыць што-н., падбіраючы, аб'ядноўваючы якія-н. даныя; напісаць які-н. тэкст, што змяшчае якія-н. звесткі. Скласці расклад заняткаў. Скласці спісы выбаршчыкаў. Скласці акт. ▪ [Сакратар райкома] адзначыў, што такі цікавы план першамайцы склалі не выпадкова. Кавалёў. Прыдзецца, брат, пратакол скласці, — звярнуўся .. [капітан] да Віці, калі паставы скончыў даклад. — Учынак ганебны, што і сказаць. Якімовіч. // Падабраўшы адпаведны матэрыял, скампанаваць што-н. Скласці буквар. Скласці зборнік практыкаванняў. // Напісаць, прыдумаць, стварыць (верш, песню і пад.). Чаму ж змаганню ўпартаму Не скласці сёння гімн? Іверс. Пад гуд кравецкай машыны я думаю і думаю, як скласці песню пра галубку. Бядуля. // Распрацаваць што-н. Скласці карту. ▪ З Івянца піянеры ішлі на захад па маршруту, які дапамог скласці Сцяпан Захаравіч. Жычка. 6. Утварыць, сфарміраваць (групу, камісію, калектыў), падабраўшы адпаведныя людзей. Скласці камісію. 7. Утварыць якую-н. колькасць чаго-н. у выніку, у суме. Тыраж склаў 12 мільёнаў экземпляраў. ▪ Гадавая эканомія ад ажыццяўлення рацыяналізатарскіх прапаноў склала каля 25 тон канструкцыйнай сталі. «Звязда». 8. Стварыць шляхам назіранняў або лагічных вывадаў. Раней чым убачыць Ніну, Сяргей ужо склаў ўяўленне аб ёй. Шахавец. 9. З'явіцца чым-н., утварыць што-н. У гісторыі развіцця беларускай культуры творчасць Скарыны склала цэлую эпоху. Алексютовіч. 10. Згарнуўшы, перагнуўшы (паперу, тканіну і пад.), надаць якую-н. форму, зменшыць аб'ём. Скласці газету. Скласці прасціну. ▪ Ён [Кастусь] склаў лісткі і на канверце Бярэцца адрас напісаць. Калачынскі. // Сагнуўшы і наблізіўшы рухомыя часткі, падаць кампактны выгляд (складному прадмету, якім у гэты момант не карыстаюцца). Скласці нож. // Сагнуўшы, выгнуўшы і пад., надаць які-н. выгляд (губам, рукам, нагам). Скласці рукі на грудзях. ▪ Максім рупарам склаў далоні і надзвычай гучна адказаў: — О-го-га! Шамякін. 11. размоўнае слова Зняць (тое, што ляжыць на чым-н.). Скласці груз з воза. 12. пераноснае значэнне Вызваліцца ад адказнасці за што-н., ад выканання якіх-н. паўнамоцтваў, абавязкаў. Скласці свае паўнамоцтвы. Скласці з сябе адказнасць. // Перакласці на каго-н. абавязкі, адказнасць і пад. Скласці сваю віну на іншага. 13. Сабраць па частках што-н. для якой-н. мэты. Насушыш сем[е]чак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны. 14. размоўнае слова Выказаць. І некалі мне крыўду скласці, І некалі прыняць дакор. Вярба. ••• Скласці галаву (косці) — тое, што і злажыць галаву (косці) (глядзі злажыць). Скласці зброю — а) спыніць узброенае суцраціўленне; здацца; б) адмовіцца ад барацьбы, ад якіх-н. дзеянняў. Скласці карты — спыніць барацьбу, прызнаўшы сваё паражэнне. Скласці (аддаць, узлажыць, прынесці) што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — ахвяраваць чым-н. у імя бацькаўшчыны, навукі і пад. Скласці рукі — перастаць дзейнічаць. Але рук мы не склалі ў адчаі, — Мы савецкай радзімы сыны. Астрэйка. Склаўшы рукі (сядзець, чакаць і пад.) — бяздзейна, нічога не робячы. [Клім:] — Ураджай — справа такая: яго трэба зрабіць. Ён не прыходзіць да тых, хто яго чакае склаўшы рукі, як манны нябеснае. Лобан.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com