тлумачэнне слова:
свежы, -ая, -ае. 1. Які не страціў сваіх натуральных якасцей. Свежае мяса. Свежае малако. Свежы сыр. // Толькі што прыгатаваны (пра ежу, напіткі). І адкуль на стале тваім Бохан свежага хлеба пахучы. Барадулін. [Бацька:] — Ці не час нам падсілкавацца? Давай свежага чайку заварым. Шыловіч. // Такі, якога не закранула апрацоўка (вэнджанне, саленне, кансерваванне і пад.); які застаўся ў натуральным выглядзе. У каго толькі ўзыходзяць, а ў яго, у Нічыпара Кавалёнка, як звалі бацьку, ужо свежыя агуркі. Кавалёў. Першыя сотні кілаграмаў свежых грыбоў былі адпраўлены на прадпрыемствы.. Мінска. «Звязда». // Толькі што, нядаўна зрэзаны, сарваны (пра расліны, плады). Зноў мы слаўна пагуляем, Свежых ягад назбіраем. Колас. На грэблю кожную вясну накідвалі рознага ламачча, свежага яловага і хваёвага галля, а найбольш зыбкія мясціны высцілалі жэрдзем. Дуброўскі. // Нядаўна або толькі што зроблены, падрыхтаваны, атрыманы. Свежыя стагі. ▪ Ды прайшла па золкіх росах На сінім досвітку чуць свет, Дзе пахнуць свежыя пракосы, пакінуўшы мне босы след. Матэвушаў. Сцены ў пакоі былі зроблены са свежых дошак, шчыліны паміж імі свяціліся. Карпюк. 2. Такі, які не быў у карыстанні, ва ўжыванні. Асцярожна, каб лішне не прымаць свежую пасцель, Усцін Тарасавіч прысеў на краёк свайго ложка. Марціновіч. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой ва ўсе бакі пырснулі маленькія конікі, і задумаўся. Дуброўскі. / Пра новае і чыстае адзенне, бялізну. Свежая прасціна. ▪ Трафім Зіновіч падшыў да сваёй салдацкай гімнасцёркі свежы каўнерык. Кірэйчык. 3. Чысты, нічым не забруджаны, які часта абнаўляецца (пра ваду, паветра). Дзеці слухаюць сваю настаўніцу і старанна наліваюць градкі свежай, прынесенай з калодзежа, вадзіцай. Барашка. Грудзі яго [Мацуты] з палёгкай удыхалі свежае, халоднае паветра. В. Вольскі. 4. Халаднаватыя досыць халодны. З поля дзьмула свежым халадком, прабірала вільгаццю. Гартны. Раніца была свежая, і буйная раса шчыпала босыя ногі. Чарнышэвіч. Па дварэ быў вецер — дзьмуў на ганак — сухі, свежы, аж холадна стала ў грудзі. Пташнікаў. 5. Які не страціў сваёй сілы, бляску, яркасці ці натуральная афарбоўкі. Ён [трамвай] бяжыць з вясёлымі Званкамі, Афарбоўкай свежай зіхаціць. Броўка. Доўгі кароўнік,.. бялеўся новымі сасновымі сценамі, чырванеўся свежай чарапіцай. Якімовіч. // Ярка-зялёны, малады (пра траву, дрэвы і пад.). Свежая трава. ▪ Свежай зелянінай.. разгарнуліся вузкія палоскі аўса. Бядуля. Яшчэ дацвіталі сады, і дужа яркай была зелень свежага лісця на маладых бярозах. Машара. // пераноснае значэнне Выразны, ясны, незабыты. Усе дзяліліся свежымі ўражаннямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. Зарэцкі. Прарасло жалеза Вострымі шыпамі, Будзе вечна свежай Аб салдаце памяць. Вітка. 6. Здаровы, поўны сіл, энергіі, запалу (пра чалавека). Якія.. [Богуш і Цымбал] здаровыя і свежыя, нібы прынеслі з сабою другі свет. Скрыган. Быў.. [Адам] спакойны, свежы і, лёгкі. Мо ад вады, мо ад цішыні і сонца. Вышынскі. // Які выражае такі стан, сведчыць пра яго. Смяялася кожная рыса.. [Дашынага] твару: свежыя паўнаватыя вусны, роўненькія, адзін у адзін, зубы. Васілевіч. Свежы румянец на твары прадвяшчаў поўнае выздараўленне. Кавалёў. // Звонкі, чысты (пра голас, смех і пад.). Голас у яе [Ядвісі] быў малады, свежы, сакавіты. Колас. 7. Не стомлены, не знясілены. Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. // пераноснае значэнне Адноўлены, абноўлены (сном, адпачынкам). Узяцца за справу са свежымі сіламі. ▪ Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. 8. Які нядаўна або толькі што з'явіўся, узнік; новы. Свежы след. Свежая рана. Свежы нумар газеты. ▪ Яшчэ пяскі магілы свежай Пад сонцам Крыма не цвілі... Трус. За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы. Адамчык. // Які ўпершыню з'явіўся дзе-н.; чужы, дагэтуль тут невядомы. А вось свежы чалавек — той абавязкова спыніцца, каб паглядзець на дзве вуліцы [вёскі] ў садах. Ракітны. Увага мужчын была сканцэнтравапа на паспеўшых прыехаць у час — па свята — Міхала і Васіля, свежых людзей. Васілевіч. // Які пакуль нікому невядомы; самы новы, апошні. Свежыя навіны. ▪ [Вадзім Іванавіч:] — Добра, што вы заўтра выступіце. Свежае слова пра Маскву нам цяпер патрэбна як паветра. Гэта вельмі важна зараз... перад баямі. Дзенісевіч. У дзядзькі ўжо некалькі сшыткаў, у якіх ён запісвае казкі і песні, прыказкі, прымаўкі, свежыя словы, свае ўражанні і думкі. Брыль. // пераноснае значэнне Які ўпершыню сфармуляваны, выказаны, выкарыстаны; арыгінальны. Свежая думка. Свежая рыфма. ▪ Няма вычарпаных вершаваных форм і няма памераў, якія можна было б выкінуць як старызну: яны кожны раз становяцца свежымі, калі да іх дакранаецца сапраўдны талент. «Маладосць». ••• Глянуць свежым вокам глядзі глянуць. На свежае вока глядзі вока. На свежую галаву глядзі галава. Па свежых слядах глядзі след. Свежае вока глядзі вока. Свежая капейка глядзі капейка.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com