пусціць

тлумачэнне слова:

  пусціць, пушчу, пусціш, пусціць; закончанае трыванне
    1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго-, што-н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе-н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды-н. Пусціць у адпачынак. ▪ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.
    2. каго-што. Дазволіць каму-н. прайсці, увайсці куды-н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.
    3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды-н. з якой-н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім-н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. ▪ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.
    4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім-н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. ▪ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго-н., выклікаць што-н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.
    5. што. Прывесці што-н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. ▪ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.
    6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што-н. з чым-н.; выкарыстаць з якімі-н. мэтамі, якім-н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. ▪ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Вільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // размоўнае слова Выдаткаваць на што-н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.
    7. што. размоўнае слова Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што-н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што-н. вострае). Пусціць жарт. ▪ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.
    8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.
    9. размоўнае слова Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што-н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.
    10. размоўнае слова Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безасабовая форма Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.
    •••
    Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.
    Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.
    Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.
    Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго-н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго-н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.
    Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе-н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.
    Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.
    Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.
    Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.
    Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.
    Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).
    Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.
    Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.
    Пусціць слязу — заплакаць.
    Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.
    Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).
    Пусціць у паветра — узарваць.
    Пусціць у работу — даць прымяненне чаму-н.
    Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.
    Пусціць у ход — а) прымяніць што-н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які-н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.
    Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю-н. хату, маёмасць і пад.).
    Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.
    Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com