плыць

тлумачэнне слова:

  плысці і плыць, плыву, плывеш, плыве; плывём, плывяце; прошлы час плыў, плыла, плыло; загадны лад плыві; незакончанае трыванне
    1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі кінуўся плысці цераз Нёман. Гурскі. // Перамяшчацца па вадзе (пра карабель, лодку, плыт і пад.). Насустрач... [людзям] з другога берага плыла лодка. Якімовіч.
    2. Ехаць на караблі, лодцы і пад. Плысці на параходзе. Плысці на пароме.
    3. пераноснае значэнне Плаўна рухаючыся, перамяшчацца ў паветры. Над вёскай плыве ў небе ястраб. В. Вольскі. Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Мележ. У небе, пераганяючы адна адну, плылі шэрыя хмары. Гурскі. І зноў на палі і на травы сівыя плывуць туманы. Кляшторны. / Пра месяц, сонца. Месяц ціха плыве Залатым чаўнаком. Бядуля. / Пра гукі, пахі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка. Праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Грахоўскі. Акно было расчынена насцеж, і ў пакой шырока плыў духмяны водар асенняга саду. Краўчанка. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў. Шамякін.
    4. пераноснае значэнне Плаўна рухацца, ісці. На высокай роўнядзі ляжалі жоўтыя кучы саломы, а на хвалістай нізіне за сцяною жыта плыў камбайн. Дуброўскі. Бесперарыўны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. // Прабягаць перад вачыма (тых, хто едзе на чым-н.). І вось плывуць міма акна знаёмыя саснякі-пасадкі, шэрыя з лапінамі прозелені лугавіны, асеннія палі. Навуменка. // Аб чым-н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. А ў таго [Гарыка] ногі дрыжалі, у вачах плылі кругі. Скрыпка. Плывуць зялёныя кругі Ў яго [вязня] вачах. Колас. // Праходзіць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). Але зусім не туды плылі думкі Казіміра. Пестрак. // Ісці няспынным патокам (пра пісьмы, паперы і пад.). З ваяводства плылі загады за загадамі — узмацніць варты над банкамі, над маёнткамі, над касцёламі, пашырыць і узмацніць разведку. Пестрак.
    5. пераноснае значэнне Праходзіць, мінаць. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Над Старыцай, далёкім ад Мінска паселішчам, над палямі і ляснымі нетрамі, гэтак жа, як і над Мінскам, плыла позняя вераснёвая ноч. Хадкевіч.
    6. пераноснае значэнне Высыпацца (аб пераспеўшым збожжы). Па сонцы жыта, як вада, плыве. Чуць дакранешся — усе зярняткі так і сыплюцца. Грахоўскі.
    7. размоўнае слова Тое, што і цячы (у 1 знач.). Вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Чорны. У Мішкі з вуха плыве кроў, а з вачэй — слёзы. Лупсякоў.
    •••
    Плысці па цячэнню — прыстасоўвацца да абставін, дзейнічаць згодна з абставінамі, не выказваючы супраціўлення.
    У рукі плыве — пра тое, што лёгка, без намаганняў дастаецца каму-н.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com