тлумачэнне слова:
аддаць, -дам, -дасі, -дасць; -дадзім, -дасце, -дадуць; закончанае трыванне, каго-што. 1. Вярнуць назад узятае ў каго-н. Аддаць доўг. ▪ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што-н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер. 2. Даць, перадаць што-н. каму-н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што-н. каму-н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // пераноснае значэнне Перадаць што-н., падзяліцца чым-н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // пераноснае значэнне Ахвяраваць кім-, чым-н. дзеля каго-, чаго-н. Аддаць сілы, здароўе. ▪ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што-н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што-н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што-н. куды-н. для якой-н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. ▪ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін. 3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. ▪ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. Аслова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк. 4. Прадаць (па якой-н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч. 5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду. 6. без дапаўнення Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад'ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму-, чаму-н. 7. безасабовая форма Адазвацца болем у якой-н. частцы цела. Аддало ў спіну. 8. закончанае трыванне да аддаваць (у 2 знач.). 9. спецыяльны тэрмін Адвязаць, паслабіць якар і пад. ••• Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны. Аддаць голас — прагаласаваць за каго-н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда». Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям. Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч. Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, абараняючы каго-, што-н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў. Аддаць забыццю — лічыць забытым што-н., не ўспамінаць аб чым-н. Аддаць за так — аддаць бясплатна. Аддаць за чорта лысага — аддаць каго-, што-н. за каго-н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган. Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ. б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы. Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (глядзі скласці). Аддаць належнае каму-, чаму-н. — ацаніць па заслугах каго-, што-н. Аддаць на суд каму — прадставіць што-н. для разгляду і ацэнкі. Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго-н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас. Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго-, што-н. пад сваю адказнасць. Аддаць паклон — пакланіцца каму-, чаму-н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка. Аддаць перавагу каму-, чаму-н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў. Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго-н., правесці да магілы. Аддаць у людзі (устарэлае слова, устарэлы выраз) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі. Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com