тлумачэнне слова:
галава, -ы; множны лік галовы (з лічэбнік 2, 3, 4 галавы), -лоў; жаночы род 1. Верхняя частка цела чалавека, верхняя або пярэдняя частка цела жывёліны, якая заключае ў сабе мозг. Павярнуць галаву. Зняць шапку з галавы. ▪ На галовах — баявыя каскі, Кліча ў даль няведамы паход. Аўрамчык. // У значэнні адзінкі падліку жывёлы. У дзесяці новых прасторных памяшканнях будуць экспанавацца сотні галоў высокапрадукцыйнай жывёлы, выведзенай у калгасах і саўгасах краіны. «Беларусь». 2. пераноснае значэнне Розум, свядомасць; развага. Ясная галава. ▪ Цвярозыя мужыцкія галовы прадугледжвалі ўсё. Мурашка. // Пра чалавека вялікага розуму. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае .. Гэта, брат, галава! Крапіва. // у іранічным сэнсе Пра нездагадлівага, някемлівага чалавека. Эх, ты, галава, нічога не разумееш! // якая. Пра чалавека як носьбіта якіх-н. уласцівасцей, якасцей. Букрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Колас. 3. пераноснае значэнне Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям'і. Містэр Брэдлей — паветраны кароль, галава ўсёй кампаніі — сядзіць у машыне. Лынькоў. Таццяне падабалася, што бацька і тут, у атрадзе, адчувае сябе галавой сям'і. Шамякін. 4. мужчынскі род Старшыня і кіраўнік некаторых выбарных органаў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама ваеннае або грамадзянскае званне. Казацкі галава. Гарадскі галава. 5. пераноснае значэнне Пярэдняя частка, пачатак чаго-н. Галава калоны. ▪ Марудна паварочваецца галава Вялікай Мядзведзіцы, прывязанай за хвост яркай зоркі. Асіпенка. 6. Харчовы прадукт у выглядзе тара або конуса. Галава сыру. ••• Авечая галава — пра тупога бяспамятнага чалавека. Адамава галава — малюнак чэрапа з дзвюма перакрыжаванымі кветкамі як сімвал абазначэння смерці, яду і пад. Адказваць галавою глядзі адказваць. Адкруціць галаву каму глядзі адкруціць. Акунуцца з галавой глядзі акунуцца. Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду. Без галавы — пра неразумнага, тупаватага чалавека. Біцца галавой аб сцяну глядзі біцца. Брацца (узяцца) за галаву глядзі брацца. Браць (узяць) у галаву глядзі браць. Валіць з хворай галавы на здаровую глядзі валіць. Варушыць галавой глядзі варушыць. Вецер (гуляе) у галаве у каго глядзі вецер. Вешаць галаву глядзі вешаць. Вісець над галавой глядзі вісець. Выдаць (сябе) з галавой глядзі выдаць. Выкінуць з галавы глядзі выкінуць. Вылецець (выскачыць) з галавы глядзі вылецець. Вялікая галава — пра разумнага, мудрага чалавека. Галава варыць у каго — пра кемлівага, разумнага чалавека. Галава зварыла — а) зрабіў што-н. не так, як трэба, дапусціў якое-н. глупства. [Базыль:] Гэта ж трэба — галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы! Шынклер; б) прыняў правільнае рашэнне. У адказны момант яго галава зварыла як трэба. Галава і два вухі — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека. Галава ідзе кругам у каго — хто-н. страціў здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў, дум і пад. Галава кружыцца (круціцца); галава закружылася (закруцілася) у каго — а) пра галавакружэнне. Галава кружыцца ад малакроўя; б) хто-н. зазнаўся, страціў здольнасць цвяроза разважаць. Галава трашчыць (развальваецца) — а) пра моцныя болі ў галаве; б) ад чаго хто-н. траціць здольнасць разважаць ад празмернай работы, шуму, клопату і пад. Галава як рэшата — пра дрэнную памяць. Галаву адарваць глядзі адарваць. Гарачая галава — пра нястрымнага, схільнага да захаплення чалавека. Губляць галаву глядзі губляць. Дайсці сваёй галавой глядзі дайсці. Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) глядзі даць. Дзіравая галава — пра чалавека з дрэннай памяццю. Дубовая галава — пра тупога, неразумнага чалавека. Дурыць галаву глядзі дурыць. Забіць галаву чым глядзі забіць. Задраць галаву глядзі задраць. Задушыць галаву глядзі задурыць. Закружылася (закруцілася) у галаве глядзі закружыцца. Закружыць галаву каму глядзі закружыць. Закруціць галаву каму глядзі закруціць. Залатая галава — пра здольнага, таленавітага чалавека. З галавой — пра разумнага, талковага чалавека. З галавы да ног (пят); з ног да галавы; ад пят да галавы — а) зверху данізу; поўнасцю. Прамокнуць з галавы да ног; б) ва ўсім: у думках, учынках і пад. (быць кім-н., якім-н.). Ён быў артыстам з галавы да ног. З галавы не выходзіць глядзі выходзіць. Злажыць (скласці) галаву глядзі злажыць. Зняць (знесці) галаву каму, у каго глядзі зняць. Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) глядзі карона. Каша ў галаве глядзі каша. Класці галаву глядзі класці. Класці галаву на калодку глядзі класці. Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) глядзі хапаць. Кружыць галаву глядзі кружыць. Крукам (шастом) галавы не дастаць каму глядзі дастаць. Круціць галаву глядзі круціць. Ламаць галаву глядзі ламаць. Лезці ў галаву глядзі лезці. Марочыць галаву каму глядзі марочыць. Мець галаву (на плячах, на карку) глядзі мець. На галаву — у разліку на кожнага. На галаву вышэй за каго — значна перавышае каго-н. у якіх-н. адносінах, па якіх-н. якасцях. Налажыць галавой глядзі налажыць. Намыліць галаву каму глядзі намыліць. На сваю галаву — сабе на шкоду. На свежую галаву — пасля адпачынку, пакуль не стаміўся. На скрут (злом) галавы глядзі скрут. Не знасіць галавы каму глядзі знасіць. Не ідзе (не выходзіць) з галавы глядзі ісці. Не ідзе (не лезе) у галаву глядзі ісці. Няма галавы глядзі няма. Павесіць (звесіць) галаву глядзі павесіць. Падняць (узняць) галаву глядзі падняць. Паплаціцца галавой глядзі паплаціцца. Паставіць з ног на галаву глядзі паставіць. Пастаяць галавой глядзі пастаяць. Прыйсці ў галаву каму глядзі прыйсці. Прытуліць галаву глядзі прытуліць. Разумная галава — пра талковага, разумнага чалавека. Ручацца галавой глядзі ручацца. Садовая галава — пра някемлівага. рассеянага чалавека. Сам чорт галаву зломіць глядзі чорт. Сарваць галаву каму глядзі сарваць. Светлая галава — пра разумнага, здольнага лагічна думаць чалавека. Сесці на галаву каму глядзі сесці. Скруціць (зламаць) сабе галаву глядзі скруціць. Сушыць галаву глядзі сушыць. Схапіцца за галаву глядзі схапіцца. Схіліць галаву перад кім-чым глядзі схіліць. Убіць (набраць) сабе ў галаву глядзі убіць. Убіць у галаву каму глядзі убіць. У галавах — ва ўзгалоўі. Удалая галава — пра смелага, адчаяннага чалавека. Хадзіць на галаве глядзі хадзіць. Хапацца за галаву глядзі хапацца. Хоць кол на галаве чашы глядзі часаць. Цераз галаву чыю — не папярэдзіўшы каго-н., мінуўшы каго-н. Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) — як мне здаецца, на мой погляд. Як снег на галаву глядзі снег. Яловая галава — пра бесталковага, дурнога чалавека.
Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141
А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я
Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698
А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
el-skrynka: lit.serge2@gmail.com