язык

тлумачэнне слова:

  язык, -а, мужчынскі род
    1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. ▪ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п'янага на языку. Прыказка.
    2. пераноснае значэнне Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.
    3. пераноснае значэнне размоўнае слова Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.
    4. Металічны стрыжэнь у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.
    5. пераноснае значэнне Пра што-н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.
    •••
    Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.
    Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.
    Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.
    Вісець на языку глядзі вісець.
    Востры на язык глядзі востры.
    Востры язык у каго — хто-н. дасціпны, з'едлівы ў размове.
    Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).
    Выткнуцца з языком глядзі выткнуцца.
    Доўгі язык у каго — хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.
    Злы язык у каго — хто-н. злосна, з'едліва, з насмешкай гаворыць аб кім-, чым-н.
    Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.
    Зляцець з языка глядзі зляцець (у 5 знач.).
    Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.
    Ледзь варочаць языком глядзі варочаць2.
    Лёгкі на язык глядзі лёгкі.
    Мазоліць язык глядзі мазоліць.
    Малоць языком глядзі малоць.
    Мыць языкамі глядзі мыць.
    Мянціць языком глядзі мянціць (у 2 знач.).
    На языку ў каго — хто-н. гатоў сказаць, вымавіць што-н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.
    Не спускаць з языка глядзі спускаць.
    Не сыходзіць з языка глядзі сыходзіць.
    Папасціся на язык глядзі папасціся.
    Пацягнуць за язык глядзі пацягнуць.
    Пляскаць языком глядзі пляскаць.
    Праглынуць язык глядзі праглынуць.
    Просіцца на язык глядзі прасіцца.
    Прыкусіць язык глядзі прыкусіць.
    Прытрымаць язык глядзі прытрымаць.
    Развязаць язык глядзі развязаць.
    Распусціць язык глядзі распусціць.
    Сарвацца з языка глядзі сарвацца (у 6 знач.).
    Слабы на язык глядзі слабы.
    Трапаць языком глядзі трапаць.
    Трапіць на язык глядзі трапіць.
    Трымаць за язык глядзі трымаць.
    Трымаць язык за зубамі глядзі трымаць.
    Трымаць язык на прывязі глядзі трымаць.
    Узбрысці на язык глядзі узбрысці.
    Укараціць (падкараціць) язык каму глядзі укараціць.
    Уткнуцца са сваім языком глядзі уткнуцца.
    Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык глядзі уткнуць.
    Ціпун на язык глядзі ціпун.
    Цягнуць за язык глядзі цягнуць.
    Цяляты язык аджавалі (ад'елі) каму, у каго глядзі цяля.
    Часаць язык (языком, языкі) глядзі часаць.
    Чорт пацягнуў каго за язык глядзі чорт.
    Язык аб зубы біць глядзі біць.
    Язык адняўся ў каго — хто-н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).
    Языкамі абмываць глядзі абмываць.
    Язык без касцей у каго — хто-н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.
    Язык гладка ходзіць у каго — хто-н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.
    Язык добра падвешан у каго — хто-н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.
    Язык заплятаецца ў каго — хто-н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што-н.
    Язык (языкі) не завяжаш глядзі завязаць1.
    Язык не паварочваецца ў каго хто-н. не асмельваецца што-н. сказаць, спытаць і пад.
    Язык прысох у каго — хто-н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).
    Язык развязаўся ў каго — хто-н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.
    Язык свярбіць у каго — хто-н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго-н.
    Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.
    Як карова языком злізала глядзі карова.
    Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто-н. што-н. сказаць, спытаць і пад.; хто-н. не асмеліцца (не асмеліўся) што-н. сказаць, спытаць і пад.



 

Русско-белорусский словарь «Скарнік» | слов в базе: 107141

     А Б В Г Д Е Ё Ж З И Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Щ Э Ю Я

Белорусско-русский словарь «Скарнік» | слов в базе: 112462

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы | слоў у базе: 96698

     А Б В Г Д Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я


el-skrynka: lit.serge2@gmail.com